Паважаныя бацькі.
З мэтай папулярызацыі беларускай мовы, далучэння нашых выхавальнікаў да беларускай нацыянальнай культуры, кожны чацвер ва усіх групах ўстановы дашкольнай адукацыі аб'яўлена БЕЛАРУСКАМОЎНЫМ ДНЁМ.
ВЫВУЧВЕМ РОДНУЮ МОВУ
Адным з галоўных дасягненняў у перыяд дашкольнага дзяцінства з’яўляецца авалоданне мовай. Першыя маўленчыя навыкі дзіця атрымлівае ў сям’і. Грамадскае дашкольнае выхаванне, з’яўляючыся першым звяном агульнай адукацыйнай сістэмы, закладвае асновы моўнай культуры асобы.
Мова — гэта не толькі сродак сацыяльнага ўзаемадзеяння, намінацыі рэчаіснасці, прылада інтэлектуальнай дзейнасці, рэфлексіі, самавыяўлення, самарэгуляцыі і сацыялізацыі асобы, але і ўвасабленне культурных і гістарычных каштоўнасцей народа.
Мова таксама выступае асноўным механізмам этнагенезу (прыналежнасць пры нараджэнні да якой-небудзь нацыі), дзе за ёй замацоўваецца сігніфікатыўная функцыя, інакш кажучы, мова служыць знакам для нацыянальнай ідэнтыфікацыі.
Працэс авалодання дзіцём мовай вельмі складаны, што абумоўлівае патрэбу ў педагагічным кіраванні, заснаваным на грунтоўным навуковым псіхолага-педагагічным падыходзе. Унікальнасць і складанасць моўнай сітуацыі, якая характарызуецца функцыянаваннем у рэспубліцы беларуска-рускага блізкароднаснага білінгвізму, патрабуе пэўнай спецыфічнай арганізацыі выхавання і навучання дзяцей дашкольнага ўзросту ў адпаведнасці з неабходнасцю засваення дзвюх моў.
Авалоданне беларускай мовай у дзiцячым садку адбываецца у адпаведнасцi з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыi:
ПРАГРАМНЫЯ ЗАДАЧЫ
СЯРЭДНЯЯ ГРУПА
МЭТА: фармiраванне ўстойлiвай цiкавасцi i станоўчых адносiн да нацыянальнай мовы, жадання авалодаць беларускай мовай; выхаванне асноў нацыянальнага светапогляду.
Задачы развiцця выхаванца ў дзейнасцi:
садзейнiчаць адрозненню дзецьмi беларускага i рускага маўлення;
пабуджаць да ўзнаўлення кароткiх лiтаратурных твораў на беларускай мове, да разыгрывання iх;
развiваць элементарныя навыкi зносiн на беларускай мове.
СЛОЎНІК:
Узбагачэнне беларускага слоўнiка дзяцей словамi - назвамi прадметаў асяроддзя, iх якасцей, дзеянняў.
Разуменне i ўжыванне абагульняльных слоў (цацкi, посуд, адзенне, мэбля).
Засваенне формаў ветлiвасцi (добрай ранiцы, добры дзень, добры вечар, дабранач, да пабачэння, дзякуй, калi ласка, смачна есцi, прабач).
ГРАМАТЫЧНЫ ЛАД МАЎЛЕННЯ
Засваенне некаторых асаблiвасцей граматычнага ладу беларускага маўлення: множнага лiку назоўнiкаў (дамы, лясы, вокны); роднага склону назоўнiкаў (санак, лыжак, лялек); меснага склону назоўнiкаў (на назе, у руцэ, на двары); давальнага склону назоўнiкаў (дапамагчы Аленцы, дапамагчы Янку); загаднага ладу дзеясловаў (мый, сядай, пi, паскачы); формаў 3-й асобы адзiночнага i множнага лiку дзеясловаў (iдзе, пiша, малюе, варыць, гуляюць, хочуць); асаблiвасцей роду некаторых назоўнiкаў (смачны яблык, калматы сабака).
Разуменне i ўменне суадносiць з малюнкамi назвы жывёл i iх дзiцянят (кошка - кацяня, качка - качаня, лiса - лiсяня).
ГУКАВАЯ КУЛЬТУРА МАЎЛЕННЯ
Правiльнае вымаўленне спецыфiчна беларускiх гукаў: фрыкатыўных [г], [г']; заўсёды цвёрдых гукаў [ч], [р] iзалявана (у гукапераймальных словах), у словах i фразах; гука ў у словах i фразах.
Дыферэнцыяцыя ў вымаўленнi i на слых слоў, падобных у рускай i беларускай мовах (дети - дзецi, ложка - лыжка, река - рака, уши - вушы i да т.п.).
ЗВЯЗНАЕ МАЎЛЕННЕ
Слуханне i разуменне мовы выхавальнiка, адказы на яго пытаннi.
Праслухоўванне беларускiх народных забаўлянак, казак, твораў беларускiх пiсьменнiкаў для дзяцей; адказы на пытаннi па iх змесце.
Адказы на пытаннi па змесце карцiн i пры апiсаннi цацак.
Стварэнне выказванняў, самастойных па задуме i моўным афармленнi.
Садзейнiчанне станаўленню рэпрадуктыўнага маўлення дзяцей на беларускай мове.
СТАРЭЙШАЯ ГРУПА
Выхаванцы ад 5 да 6 гадоў
Мэта: фарміраваць устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёю.
Задачы:
развіваць: пазнавальныя і моўныя здольнасці, назіральнасць адносна моўных з’яў, моўных асаблівасцей беларускай мовы ў параўнанні з рускай, навыкі маўленчага самакантролю;
фарміраваць: зносіны і сродкі зносін на беларускай мове, навыкі разумення беларускай мовы, уменне адказваць на пытанні дарослага, заахвочваць дзяцей да самастойных выказванняў на беларускай мове;
выхоўваць каштоўнасныя адносіны да багаццяў беларускай мовы.
Маўленчыя зносіны
Развіваць уменні:
- з дапамогай дарослага апісваць сітуацыю, вырашаць пэўную камунікатыўную задачу і просьбу, расказ, тлумачэнне;
- адрозніваць формы ветлівасці на беларускай мове;
- самастойна ўжываць формы ветлівасці на беларускай мове.
Слоўнік
Фарміраваць уменні:
- ужываць словы – назвы акаляючых прадметаў: назвы цацак, вучэбных прылад (аловак, пэндзаль, сшытак), посуду, мэблі, адзення, хатніх рэчаў (гадзіннік, дыван, канапа), жывёл (вавёрка, трус, матылёк), садавіны і агародніны (цыбуля, бульба); колераў (ружовы, блакітны); якасцей (прыгожы, дужы, смачны, добры, дрэнны); дзеянняў (глядзець, бачыць, сустракаць, расці); разумець і ўжываць абагульняльныя словы; ужываць традыцыйныя беларускія формы імёнаў (Алесь, Уладзя, Ян, Янка, Таццянка, Кастусь, Аленка);
- адрозніваць словы рускай і беларускай моў, якія супадаюць ці падобныя па вымаўленні, але маюць рознае лексічнае значэнне (неделя – нядзеля, диван – дыван).
Граматычны лад маўлення
Фарміраваць уменні:
- з дапамогай дарослага разумець некаторыя асаблівасці граматычнага ладу беларускага маўлення: адзіночны і множны лік асобных назоўнікаў (садавіна, агародніна, крупы, дзверы); дапасаванне прыметнікаў да некаторых назоўнікаў (доўгі цень, белае казляня, вясёлы гармонік); утварэнне некаторых склонавых форм назоўнікаў (бераг – на беразе, гарох – у гароху (гаросе), па палях, па лясах); прыналежных прыметнікаў (ляльчын, татаў, Алесеў, цётчын); вышэйшай (мацнейшы за, лепшы за) і найвышэйшай ступеней параўнання прыметнікаў (найлепшы, найпрыгажэйшы); прыслоўяў (уранку, узімку);
- утвараць назвы маладых істот (мышаня, тыграня), назоўнікаў са значэннем адзінкавасці (бульба – бульбіна, морква – морквіна);
- з дапамогай дарослага фармуляваць пытанні з часціцамі ці, хіба; ужываць у мове прыназоўнікі, словазлучэнні з прыназоўнікамі да, у (да сябра, у лес), злучнік але;
- самастойна ўжываць новыя словы ў розных фразавых канструкцыях; спецыфічна беларускія марфолага-сінтаксічныя звароты (баліць каму, хварэць на што, хадзіць у грыбы, у ягады, дзякаваць каму, смяяцца з каго і інш.).
Гукавая культура маўлення
Фарміраваць уменні:
- самастойна правільна вымаўляць спецыфічна беларускія гукі: [дж], [дз’], [ц’]; фрыкатыўныя [г], [г’]; зацвярдзелыя гукі [ч], [р]; гукаспалучэнне [шч], ізалявана (у гукапераймальных словах), у словах і фразах; гук [ў] у словах і фразах;
- правільна вымаўляць словы з падоўжанымі зычнымі ў словах (калоссе, варэнне); выразна вымаўляць ненаціскныя галосныя;
- правільна вымаўляць рускія і беларускія словы, падобныя па гучанні (зверек – звярок, ночь – ноч);
- адрозніваць, параўноўваць, аналізаваць рускія і беларускія словы, падобныя па гучанні (зверек – звярок, ночь – ноч).
Звязнае маўленне
Фарміраваць уменні:
- разумець беларускае маўленне, мастацкія творы на беларускай мове – як празаічныя, так і вершаваныя;
- пераказваць кароткія казкі і апавяданні – як знаёмыя, так і ўпершыню пачутыя; ствараць выказванні, якія характарызуюцца самастойнасцю, закончанасцю, лагічнай сувяззю паміж сваімі часткамі і моўным афармленнем;
- адрозніваць, параўноўваць, аналізаваць мастацкія тэксты на беларускай мове.
Выхаванцы ад 6 да 7 гадоў
Мэта: фарміраваць устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёю.
Задачы:
развіваць: пазнавальныя і моўныя здольнасці, назіральнасць адносна моўных з’яў, навыкі маўленчага самакантролю;
фарміраваць: зносіны на беларускай мове, уменне звяртаць увагу на моўныя асаблівасці беларускай мовы ў параўнанні з рускай, навыкі разумення беларускай мовы, уменне адказваць на пытанні педагагічнага работніка, заахвочваць самастойныя выказванні дзяцей на беларускай мове;
выхоўваць станоўчыя каштоўнасныя адносіны дзяцей дашкольнага ўзросту да беларускай мовы.
Маўленчыя зносіны
Фарміраваць уменні:
- самастойна вырашаць пэўную камунікатыўную задачу: просьбу, расказ, тлумачэнне; выконваць асноўныя правілы маўленчага этыкету ў розных сітуацыях зносін, карыстацца словамі маўленчага этыкету; ужываць формы ветлівасці на беларускай мове;
- адрозніваць словы ветлівасці на беларускай мове.
Слоўнік
Узбагачаць слоўнік дзяцей беларускімі словамі: назвамі цацак, вучэбных прылад (аловак (просты і каляровы), пэндзаль, сшытак, крэйда); посуду, мэблі, адзення, хатніх рэчаў (ложак, канапа, ручнік); жывёл (дзік, вожык, конік); садавіны і агародніны (цыбуля, бульба, гарбуз); колераў (ружовы, блакітны); якасцей (прыгожы, дужы, смачны, добры, дрэнны); дзеянняў (глядзець, бачыць, сустракаць, расці).
Фарміраваць уменні:
- з дапамогай дарослага разумець словы рускай і беларускай моў, якія супадаюць або падобныя па вымаўленні, але маюць рознае лексічнае значэнне (качка – качка);
- самастойна разумець і ўжываць абагульняльныя словы; традыцыйныя беларускія формы імёнаў (Алесь, Уладзя, Ян, Янка, Таццянка, Кастусь, Аленка);
- адрозніваць традыцыйныя беларускія формы імёнаў (Алесь, Уладзя, Ян, Янка, Таццянка, Кастусь, Аленка).
Граматычны лад маўлення Фарміраваць разуменне:
- маўленчых выказванняў рознай граматычнай структуры;
- некаторых асаблівасцей граматычнага ладу беларускага маўлення: адзіночны і множны лік асобных назоўнікаў (садавіна, агародніна, крупы, дзверы); дапасаванне прыметнікаў да некаторых назоўнікаў (чорны сабака, высокае піяніна, высокая таполя); утварэнне некаторых склонавых форм назоўнікаў (падлога – на падлозе, страха – на страсе, малюнак – па малюнках); прыналежных прыметнікаў (ляльчын, мамін, Васеў, сястрын); вышэйшай (даўжэйшы за, разумнейшы за) і найвышэйшай ступеней параўнання прыметнікаў (дужэйшы за ўсіх, самы разумны); прыслоўяў (удзень, увесну).
Фарміраваць уменні:
- самастойна і з дапамогай дарослага авалодаць спосабамі ўтварэння назваў маладых істот (мышаня, тыграня, жарабя), назоўнікаў са значэннем адзінкавасці (цыбуля – цыбуліна, морква – морквіна); фармуляваць пытанні з дапамогай часціц ці, хіба; ужываць у мове прыназоўнікі, словазлучэнні з прыназоўнікамі да, у (да сябра, у лес), злучнік але; спецыфічна беларускія марфолага-сінтаксічныя звароты (баліць каму, хварэць на што, хадзіць у грыбы, у ягады, дзякаваць каму, смяяцца з каго);
- адрозніваць, параўноўваць, аналізаваць марфолага-сінтаксічныя звароты (баліць каму, хварэць на што, хадзіць у грыбы, у ягады, дзякаваць каму, смяяцца з каго).
Гукавая культура маўлення
Фарміраваць уменні:
- самастойна правільна вымаўляць спецыфічна беларускія гукі: [дж], [дз’], [ц’];
- правільна вымаўляць фрыкатыўны [г], [г’]; зацвярдзелыя гукі [ч], [р], гукаспалучэнне [шч] ізалявана (у гукапераймальных словах), у словах і фразах; гука [ў] у словах і фразах;
- правільна вымаўляць словы з падоўжанымі зычнымі ў словах (пячэнне, насенне); выразна вымаўляць ненаціскныя галосныя;
- вымаўляць рускія і беларускія словы, падобныя па гучанні (дети – дзеці, река – рака і да т.п.).
- адрозніваць рускія і беларускія словы, падобныя па гучанні (дети – дзеці, река – рака і да т.п.).
Звязнае маўленне
Фарміраваць уменні:
- пераказваць кароткія казкі і апавяданні – як знаёмыя, так і ўпершыню пачутыя; ствараць выказванні, самастойныя па задуме і моўным афармленні;
- адрозніваць змест мастацкіх твораў на беларускай мове.